Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
От Марка 8 глава
1 У тыя дні, калі зноў быў вялікі натоўп і ў іх не было чаго есці, Ён, паклікаўшы вучняў, кажа ім:
2 Шкада Мне народу, бо ўжо тры дні яны астаюцца пры Мне і ў іх няма чаго есці;
3 і, калі адпушчу іх галодных дадому, аслабеюць яны ў дарозе; а некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
4 І Яго вучні адказалі Яму: Адкуль хто зможа накарміць гэтых людзей хлябамі тут, у пустэльні?
5 І Ён пытаўся ў іх: Колькі ў вас хлябоў? — Яны ж сказалі: Сем.
6 І Ён загадвае натоўпу ўзлегчы на зямлю; і, узяўшы сем хлябоў, уздаўшы падзяку, разламаў і даваў Сваім вучням, каб раздавалі, і яны раздалі натоўпу.
7 І было ў іх трохі рыбак; і, добраславіўшы іх, Ён сказаў раздаць і гэтыя.
8 І яны елі і наеліся, і назбіралі з пазасталых кавалкаў сем кашоў.
9 А было [едакоў] каля чатырох тысяч. І Ён адпусціў іх.
10 І, адразу ўвайшоўшы ў лодку са Сваімі вучнямі, прыбыў у межы Далмануфскія.
11 І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, дамагаючыся ад Яго знака з неба, выпрабоўваючы Яго.
12 І Ён, цяжка ўздыхнуўшы ў Сваім духу, кажа: Навошта гэтае пакаленне дамагаецца знака? Сапраўды кажу вам, не будзе дадзена знака гэтаму пакаленню.
13 І, пакінуўшы іх, Ён зноў увайшоў у лодку і адплыў на той бок.
14 І забыліся яны ўзяць хлябы і апрача аднаго хлеба, больш у іх не было з сабою ў лодцы.
15 І Ён загадаў ім, кажучы: Глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірадавай.
16 І разважалі яны між сабою, [кажучы], што хлябоў у іх няма.
17 І [Ісус], уведаўшы, кажа ім: Чаго разважаеце, што ў вас няма хлябоў? Ці яшчэ не цяміце і не разумееце? Ці ваша сэрца акамянелае?
18 Вочы маючы, не бачыце? І, вушы маючы, не чуеце? І не памятаеце?
19 Калі пяць хлябоў Я разламаў на пяць тысяч — колькі кошыкаў, поўных кавалкаў, назбіралі? — Кажуць Яму: Дванаццаць.
20 Калі Я тыя сем — на чатыры тысячы, колькі кашоў, поўных кавалкаў, назбіралі? — І кажуць [Яму]: Сем.
21 І Ён казаў ім: Вы яшчэ не разумееце?
22 І прыходзяць яны ў Віфсаіду. І вядуць да Яго сляпога і просяць Яго, каб Ён да яго дакрануўся.
23 І, узяўшы сляпога за руку, Ён вывеў яго з сяла і, плюнуўшы яму ў вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: Ці бачыш што?
24 І, той, пачуўшы бачыць, сказаў: Бачу людзей, што як дрэвы… заўважаю, што ходзяць.
25 Пасля Ён зноў усклаў рукі яму на вочы, і той угледзеўся і выздаравеў і стаў усё ясна бачыць.
26 І паслаў яго дадому, кажучы: І ў сяло не заходзь [і нікому ў сяле не расказвай].
27 І пайшоў Ісус і Яго вучні ў сёлы Кесарыі Філіпавай: і ў дарозе Ён пытаўся ў Сваіх вучняў, кажучы ім: Што кажуць людзі: Хто Я?
28 Яны ж сказалі Яму: Іаан Хрысціцель, а іншыя — Ілія, яшчэ іншыя — адзін з прарокаў.
29 І Ён спытаўся ў іх: А вы што кажаце: Хто Я? — Пётр у адказ Яму кажа: Ты — Хрыстос.
30 І Ён забараніў ім, каб яны нікому пра Яго не казалі.
31 І Ён пачаў навучаць іх, што Сыну Чалавечаму належыць шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, і першасвятарамі, і кніжнікамі і быць забітым і праз тры дні ўваскрэснуць.
32 І казаў Ён гэтае слова адкрыта. І, адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў пярэчыць Яму.
33 Ён жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы Сваіх вучняў, забараніў Пятру і кажа: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш ты не пра Божае, а пра чалавечае.
34 І, паклікаўшы натоўп разам са Сваімі вучнямі, Ён сказаў ім: Калі хто хоча за Мною ісці ўслед, няхай адрачэцца самога сябе і хай возьме свой крыж і ідзе ўслед за Мною.
35 Бо хто хоча сваю душу ўратаваць, той загубіць яе; хто ж загубіць сваю душу дзеля Мяне і Дабравесця, уратуе яе.
36 Бо якая карысць чалавеку здабыць увесь свет, а сваёй душы пашкодзіць?
37 Бо што даў бы чалавек ў замен Свае душы?
38 Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў у гэтым пакаленні, чужым і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Свайго Бацькі са святымі Анёламі.
От Марка 8 глава в переводах