Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Марка 8 глава
Другое размнажэнне хлеба1 У тыя дні, калі зноў сабралася мноства людзей, і не было ў іх чаго есці, Езус паклікаў вучняў і сказаў ім:
2 «Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці.
3 Калі адпраўлю іх дадому галоднымі, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».
4 Вучні Ягоныя адказалі Яму: «Хто і адкуль накорміць іх хлебам тут, у пустыні?»
5 Ён спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны адказалі: «Сем».
6 Тады загадаў людзям сесці на зямлю. І, узяўшы сем хлябоў, узнёс падзяку, паламаў і даў вучням сваім, каб раздавалі. І яны раздалі людзям.
7 Мелі таксама некалькі рыбінак. Езус іх благаславіў і загадаў раздаць.
8 І яны елі, і насыціліся, і набралі сем кашоў кавалкаў, што засталіся.
9 А тых, хто еў, было каля чатырох тысяч. І адпусціў іх.
Патрабаванне знаку з неба10 Тады адразу са сваімі вучнямі Езус увайшоў у човен і прыбыў у далмануцкі край.
11 Выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім, патрабуючы ад Яго знаку з неба, каб выпрабаваць Яго.
12 Але Ён уздыхнуў у духу сваім і сказаў: «Чаму гэтае пакаленне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам: не будзе дадзена знаку пакаленню гэтаму».
13 Пасля Ён пакінуў іх, зноў сеў у човен і адплыў на другі бок.
Закваска фарысейская і Ірада14 Вучні Езуса забыліся ўзяць хлеба і мелі з сабой у чоўне толькі адзін бохан хлеба.
15 Тады Езус загадаў ім: «Глядзіце, асцерагайцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада!»
16 А яны разважалі між сабою, што не маюць хлеба.
17 Пазнаўшы гэта, Езус сказаў ім: «Чаму разважаеце, што не маеце хлеба? Хіба не разумееце і не ведаеце? Ці яшчэ скамянелыя сэрцы вашы?
18 Маеце вочы і не бачыце, маеце вушы і не чуеце? Ці не памятаеце, колькі поўных кашоў рэштак вы сабралі,
19 калі Я разламаў пяць хлябоў на пяць тысяч?» Яны адказалі Яму: «Дванаццаць».
20 «А калі Я разламаў сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў рэштак сабралі вы?» Яны адказалі: «Сем».
21 Тады сказаў ім: «Усё яшчэ не разумееце?»
Аздараўленне сляпога ў Бэтсаідзе22 Калі прыйшлі ў Бэтсаіду, прывялі да Яго сляпога і прасілі, каб Езус дакрануўся да яго.
23 Ён узяў сляпога за руку і вывеў яго за вёску, паслініў яму вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: «Ці бачыш што-небудзь?»
24 Той паглядзеў і сказаў: «Бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць».
25 Потым зноў усклаў рукі на яго вочы, і той стаў відушчым, выздаравеў і пачаў бачыць усё выразна.
26 Езус адаслаў яго дадому, кажучы: «Не ўваходзь у гэтую вёску».
Вызнанне Пятра27 Пасля Езус са сваімі вучнямі пайшоў у паселішчы Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: «Кім лічаць Мяне людзі?»
28 Яны адказвалі Яму: «Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў».
29 А Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Адказваючы, Пётр сказаў Яму: «Ты — Хрыстус».
30 Тады Ён забараніў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
Першае прадказанне мукі і ўваскрасення31 Ён пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць.
32 Казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго.
33 Але Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, кажучы: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае».
Наследаванне Езуса34 Затым, паклікаўшы натоўп разам са сваімі вучнямі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною.
35 Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.
36 Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць свайму жыццю?
37 Бо што дасць чалавек узамен за сваё жыццё?
38 Хто будзе саромецца Мяне і Маіх словаў перад гэтым распусным і грэшным пакаленнем, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца свайго са святымі анёламі».
От Марка 8 глава в переводах