Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Римлянам 3 глава
1 Дык якая перавага іудзея, ці якая карысць ад абразання?
2 Вялікая ва ўсіх адносінах. Перш за ўсё ў тым, што ім былі даручаны словы Божыя.
3 Бо што? Калі некаторыя не ўверавалі, хіба іх нявер’е знішчыць веру Божую?
4 Зусім не. Бог жа праўдзівы, а кожны чалавек ілгун, як напісана: «Праведны ў Тваіх словах і пераможаш у Тваім судзе».
5 Калі ж наша няправеднасць паказвае праведнасць Божую, што скажам? Няўжо няправедны Бог, што наводзіць гнеў? Я кажу па-чалавечы.
6 Зусім не. Бо як Бог будзе судзіць свет?
7 А калі маёю маною праўда Божая ўзвышаецца для Яго славы, за што яшчэ я асуджаюся як грэшнік?
8 І хіба не зневажаюць нас, і як некаторыя сцвярджаюць, што мы кажам: «Давайце рабіць зло, каб выйшла дабро». Суд над такімі справядлівы.
9 Дык што? Ці маем мы перавагу? Ніколькі. Бо мы ўжо высветлілі раней, што і іудзеі, і эліны — усе пад грахом,
10 як напісана: «Няма ніводнага праведнага,
11 няма нікога, хто разумее, няма нікога, хто шукае Бога.
12 Усе збіліся з дарогі, усе разам зрабіліся нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма ніводнага.
13 Горла іх — раскрытая магіла, сваімі языкамі яны ашуквалі, змяіны яд пад іх губамі;
14 іх вусны поўныя пракляцця і гаркоты;
15 іх ногі хуткія на праліццё крыві;
16 руйнаванне і няшчасце на іх дарогах,
17 а дарогі міру яны не пазналі.
18 Няма страху Божага перад іх вачыма».
19 Але мы ведаем, што ўсё, што гаворыць закон, ён гаворыць да тых, хто пад законам, каб усе вусны змоўклі і ўвесь свет стаў падсудны Богу;
20 бо са справаў закона не будзе апраўданы перад Ім ніякае цела: бо праз закон пазнаецца грэх.
21 Але цяпер, незалежна ад закона, з’явілася праведнасць Божая, пра якую сведчаць закон і прарокі;
22 а праведнасць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх [і на ўсіх] вернікаў. Бо няма розніцы,
23 бо ўсе саграшылі і пазбаўлены славы Божай,
24 і апраўдваюцца дарма Яго ласкай праз выкуп, што ў Ісусе Хрысце;
25 Якога Бог паставіў у ахвяру прымірэння ў Яго крыві праз веру, каб выявіць Сваю праведнасць праз дараванне раней учыненых грахоў,
26 у цярплівасці Божай: для доказу Сваёй праведнасці ў цяперашні час, каб быць Яму праведнымі апраўдваць таго, хто веруе ў Ісуса.
27 Дык дзе ж пахвальба? Яна была выключана. Праз які закон? Закон учынкаў? Не, праз закон веры.
28 Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў закона.
29 Хіба Ён Бог іудзеяў толькі? Ці не Ён і Бог язычнікаў? Так, і язычнікаў,
30 бо сапраўды адзіны Бог, Які апраўдвае абрэзаных з веры і неабрэзаных праз веру.
31 Дык мы адмяняем закон праз веру? Зусім не, але мы закон сцвярджаем.
Римлянам 3 глава в переводах