Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Римлянам 3 глава
1 Дык якая перавага Юдэя, ці якая карысьць ад абразаньня?
2 Вялікая ў-ва ўсіх адносінах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.
3 Бо што, калі некаторыя не паверылі? Ці недаверства іхняе зьнішчыць веру Божую?
4 Няхай ня станецца! Бог ёсьць праўдзівы, а ўсякі чалавек хлусьлівы, як напісана: «Каб Ты быў праведны ў словах Тваіх і перамог у судзе Тваім».
5 А калі нашая няправеднасьць зьяўляе праведнасьць Божую, што скажам? Ці Бог, Які выяўляе гнеў, няправедны? Кажу па-чалавечаму.
6 Няхай ня станецца! Бо як жа Бог будзе судзіць сьвет?
7 Бо калі праўда Божая праз маю хлусьлівасьць памнажаецца на славу Ягоную, за што яшчэ мяне судзяць як грэшніка?
8 І ці не рабіць нам благое, каб выйшла добрае, як некаторыя блюзьняць на нас і кажуць, што мы гэтак кажам? Справядлівы суд на такіх!
9 Дык што? Ці мы лепшыя? Зусім не! Бо мы ўжо давялі, што і Юдэі, і Грэкі, — усе пад грэхам,
10 як напісана: «Няма праведнага аніводнага;
11 няма таго, хто разумее; няма таго, хто шукае Бога.
12 Усе ўхіліліся, разам нягодныя; няма таго, хто робіць дабро, няма аніводнага.
13 Горла іхняе — магіла адчыненая; языкамі сваімі ашукваюць, атрута зьмяіная на губах іхніх.
14 Вусны іхнія поўныя абмовы і горычы.
15 Ногі іхнія хуткія на праліцьцё крыві,
16 зьнішчэньне і няшчасьце на шляхах іхніх,
17 і шляху супакою яны не пазналі.
18 Няма страху Божага перад вачыма іхнімі».
19 А мы ведаем, што Закон усё, што гаворыць, гаворыць да тых, якія пад Законам, каб усе вусны былі загароджаныя і ўвесь сьвет стаўся вінаватым перад Богам,
20 бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела; бо праз Закон пазнаецца грэх.
21 А цяпер, незалежна ад Закону, зьяўлена праведнасьць Божая, засьведчаная праз Закон і Прарокаў,
22 праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх тых, якія вераць; бо няма розьніцы,
23 бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае,
24 атрымліваючы апраўданьне дарма ласкай Ягонай праз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе,
25 Якога Бог пастанавіў [быць] ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у [час] цярплівасьці Божае,
26 дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса.
27 Дык дзе тое, чым хваліцца? Выключана. Якім законам? [Законам] учынкаў? Не, але законам веры.
28 Дык мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў Закону.
29 Няўжо Бог толькі Юдэяў, а не паганаў таксама? Так, і паганаў,
30 бо адзін Бог, Які апраўдае абразаньне з веры і неабразаньне праз веру.
31 Дык мы зьнішчаем Закон праз веру? Няхай ня станецца! Але ўсталёўваем Закон.
Римлянам 3 глава в переводах