Читай и изучай

Библия » Пераклад Анатоля Клышкi

1 Коринфянам 3 глава

1 І я, браты, не мог гаварыць з вамі, як з духоўнымі, але як з цялеснымі, як з немаўлятамі ў Хрысце.
2 Я напаіў вас малаком, не даў цвёрдай ежы, бо вы яшчэ не маглі спажыць яе. Ды нават цяпер яшчэ не можаце ;
3 бо вы яшчэ цялесныя. Бо калі паміж вамі зайздрасць, спрэчкі [і падзел] — ці не цялесныя вы і ці не па-чалавечы робіце?
4 Бо калі хто кажа: «Я — Паўлаў», а другі: «Я — Апалосаў» — то ці не цялесныя вы?
5 Дык што ёсць Апалос? І што ёсць Павел? Служкі, праз якіх вы ўверавалі, як і даў Госпад кожнаму з іх.
6 Я пасадзіў, Апалос паліў, але Бог даваў рост.
7 Так што і той, хто саджае, — нішто, і той, хто палівае, а ўсё — Бог, што дае рост.
8 А хто садзіць і хто палівае — адно, але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.
9 Бо мы — Божыя супрацоўнікі; вы — Божая ніва, Божая пабудова.
10 Дадзенай мне Богам ласкай, я, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы надбудоўвае на ім. Але кожны няхай глядзіць, як надбудоўвае.
11 Бо іншага падмурку ніхто не можа закласці, акрамя закладзенага, які ёсць Ісус Хрыстос.
12 Калі ж хто надбудоўвае на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,
13 праца кожнага выявіцца; бо дзень пакажа, таму што ў агні адкрыецца, і агонь выпрабуе працу кожнага, якая яна ёсць.
14 Калі праца таго, што надбудоўваў, застанецца, ён атрымае ўзнагароду;
15 калі чыя праца згарыць, то ён будзе мець шкоду, сам жа будзе выратаваны, але так, як праз агонь.
16 Ці не ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
17 Калі хто знішчае храм Божы, знішчыць таго Бог; бо храм Божы — святы; і гэта — вы.
18 Няхай ніхто сябе не падманвае; калі хто між вас думае, што ён мудры ў гэтым веку, няхай зробіцца неразумным, каб стаць мудрым.
19 Бо мудрасць гэтага свету — неразумнасць у Бога. Бо напісана: «Ён ловіць мудрых у іх хітрасці».
20 І яшчэ: «Госпад ведае разважанні мудрых, што яны марныя».
21 Так што няхай ніхто не хваліцца людзьмі; бо ўсё — ваша:
22 ці Павел, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае — усё ваша;
23 а вы — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.

1 Коринфянам 3 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.