Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Ефесянам 5 глава
1 Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як улюбёныя дзеці,
2 і жывіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас як прынашэнне і ахвяру Богу ў духмяны пах.
3 А распуста і ўсялякая нячысціня ці сквапнасць няхай і не ўспамінаюцца між вас, як належыць святым,
4 і непрыстойныя паводзіны, і дурная гаворка, але лепей — падзяка.
5 Бо вы гэта ведайце, што ніякі распуснік, ці нячысты, ці хцівец, які ёсць ідаласлужка, — не мае спадчыны ў царстве Хрыста і Бога.
6 Няхай ніхто вас не зводзіць у зман пустымі словамі, бо з-за гэтага прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорлівасці.
7 Дык не рабіцеся іх супольнікамі;
8 бо некалі вы былі цемраю, а цяпер — святло ў Госпадзе; як дзеці Святла — жывіце,
9 бо плод Святла ва ўсялякай дабрыні, праведнасці і праўдзе, —
10 правяраючы, што да спадобы Госпаду [Богу],
11 і не ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры. А лепей нават выкрывайце іх.
12 Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і казаць,
13 але ўсё, што выкрываецца, выяўляецца святлом,
14 бо ўсё, што робіцца яўным, ёсць святло. Таму Ён кажа: «Уставай, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асвеціць цябе Хрыстос».
15 Дык глядзіце ўважліва, як вы жывяце, — не як нямудрыя, а як мудрыя,
16 выкарыстоўваючы кожную хвіліну,
17 Таму не будзьце неразумнымі, але пазнавайце, што ёсць воля Гасподняя.
18 І не напівайцеся віном, у якім распуста, а напаўняйцеся Духам,
19 размаўляючы між сабою псалмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, сэрцам сваім спяваючы і іграючы псалмы Госпаду,
20 дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Бацьку ў імя нашага Госпада Ісуса Хрыста,
21 падпарадкуючыся адзін аднаму ў страху перад Хрыстом:
22 жонкі — сваім мужам, як Госпаду,
23 бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, Ён Збаўца цела.
24 Але, як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі няхай падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім.
25 Мужы, любіце [сваіх] жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
26 каб асвяціць яе, ачысціўшы праз абмыванне вадою ў слове,
27 каб Яму паставіць перад Сабою Царкву слаўнай, якая не мае ні плямы, ні зморшчыны, ні чаго-небудзь падобнага, а каб яна была святая і беззаганная.
28 Так і мужы павінны любіць сваіх жонак, як свае целы. Той, хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
29 Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, а кожны корміць і грэе яго, як і Хрыстос Царкву,
30 таму што мы члены Яго цела, [ад Яго цела і ад Яго касцей].
31 Таму чалавек пакіне [свайго] бацьку і маці і прылепіцца да сваёй жонкі, і будуць двое адным целам.
32 Таямніца гэта вялікая, але я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
33 Аднак і вы — кожны з вас няхай любіць так сваю жонку, як самога сябе, а жонка няхай баіцца мужа.
Ефесянам 5 глава в переводах