Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Ефесянам 5 глава
1 Дык будзьце пасьлядоўнікамі Бога, як любасныя дзеці,
2 і жывіце ў любові, як і Хрыстос узьлюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, як водар прыемны.
3 А блудадзейства і ўсякая нячыстасьць ці сквапнасьць (на чужое) нават і ўспамінацца ня павінны паміж вамі, як і належыць сьвятым,
4 і няпрыстойныя паводзіны і пустаслоўе ці пахабныя жарты ня (павінны быць вам) уласьцівымі, але ле́пей падзяка.
5 Бо вы гэта ведаеце, што ўсякі блудадзей альбо нячысты, альбо хцівец, які ёсьць балванаслужка, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога.
6 Няхай ніхто вас ня зводзіць пустымі словамі, бо за гэтае прыходзіць гнеў Бога на сыноў няпаслушэнства;
7 таму ня будзьце саўдзельнікамі іхнымі.
8 Бо вы былі некалі цемрай, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе: жывіце, як дзеці сьвятла,
9 бо плод Духа — ва ўсякай дабрыні, праведнасьці і праўдзе,
10 дасьледуйце, што заўгодна Госпаду;
11 і ня ўдзельнічайце ў бясплодных учынках цемры; але лепш і выкрывайце,
12 бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і гаварыць;
13 і ўсё выкрываемае сьвятлом робіцца бачным, — бо сьвятло робіць усё бачным.
14 Таму кажа: «той, хто сьпіць, устань і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьве́тліць цябе Хрыстос».
15 Дык глядзеце, як асьцярожна павінны вы жыць: ня як няразумныя, але як мудрыя,
16 (максімальна) выкарыстоўваючы прыдатны час, таму што дні ліхія.
17 Дзеля гэтага ня будзьце няразумнымі, але пазнавайце, якая воля Госпада.
18 І ня ўпівайцеся віном, у якім ёсьць распуста, але напаўняйцеся Духам,
19 настаўляючы саміх сябе псальмамі і гімнамі і богахвалебнымі сьпевамі, пяючы і іграючы ў сэрцах вашых Госпаду,
20 заўсёды дзякуючы за ўсё, у Імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, Богу і Ба́цьку,
21 слухаючыся адзін аднаго ў страху Божым.
22 Жонкі, слухайцеся мужоў сваіх, як Госпада,
23 таму што муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — Галава царквы, і Ён ёсьць Збавіцель цела.
24 Але як царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.
25 Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос узьлюбіў царкву і аддаў Сябе Самога за яе,
26 каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмываньнем вадою праз Слова (Пісаньні Божыя);
27 каб паставіць яе Сабе царквою слаўнаю, якая ня мае ні плямы, ні заганы, альбо чаго-небудзь падобнага, але каб яна была сьвятой і бяззаганнай.
28 Мужы павінны любіць сваіх жонак так, як свае целы: хто любіць сваю жонку, той любіць самога сябе.
29 Бо ніхто ніколі сваё цела ня нянавідзіў, але корміць і даглядае яго, як і Госпад — царкву,
30 таму што мы — чэлясы Цела Ягонага, ад Цела Ягонага і ад Костак Ягоных.
31 «Таму пакіне чалавек ба́цьку свайго і матку і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое (аб’яднаны) у адно цела».
32 Тайна гэтая вялікая; я ж кажу пра Хрыста і пра царкву.
33 Дык і вы: хай кожны з вас сваю жонку любіць так, як сябе; а жонка хай баіцца мужа.
Ефесянам 5 глава в переводах