Библия » Пераклад П. Татарыновіча
Ефесянам 5 глава
1 Будзьце, восьжа, пасьцежнікамі Бога, як дзеці, любыя,
2 і хадзеце ў любасьці, як і Хрыстус палюбіў нас і выдаў сябе за нас, як дар Богу мілапахную ахвяру.
3 А распуста і ўсякая нечысьць ды прагавітасьць каб і не спаміналіся між вамі, як і прыстоіць сьвятым;
4 ані брыдамоўства, блазноцтва, ці жарты няпрыстойныя, недарэчы, а лепш — дзякаванне.
5 Ведайце бо добра тое, што ніякі чужаложнік, ніякі бясстыднік, ці хцівец балвапаклоннік, ня мае спадчыны ў Валадарсьцьве Хрыстуса і Бога.
6 Хай ніхто ня зводзіць вас буянымі славамі, праз гэта бо спадае гнеў Божы на сыноў бунтарных;
7 ня будзьце іхнімі супольнікамі.
8 Вы былі калісь цемраю, а цяпержа вы — сьвятло ў Хрыстусе: паступайцеж як дзеці сьвятла;
9 бо плод сьвятла ёсьць у ва ўсім, што добрае, справядлівае і праўдзівае;
10 шукайце шчыра таго, што даўспадобнае Богу,
11 і не бярэце ўдзелу ў бясплоднай дзейнасьці цемры, а лепш дакарайце.
12 Бо аб тым, што робіцца імі таёмна, сорамна й гаварыць.
13 А ўсё, што ганіцца, праз сьвятло робіцца яўным і стаецца сьвятлом;
14 таму і сказана: Прачніся, сьпячы, ды ўстань з мяртвых, а Хрыстус цябе асьвеціць.
15 Дык глядзеце, паступайце празорна, не як неразумныя, а як мудрыя:
16 час цэнячы, дні бо няпэўнуя.
17 Таму ня будзьце неразважнымі, але сьведамымі волі Божай.
18 Ды ня ўпівайцеся віном, бо ў ім разнузданасьць, а напаўняйцеся Духам,
19 выглашаючы міжсобку псальмы, гімны й песьні духоўныя, пяючы ды й граючы Госпаду ў сэрцах вашых;
20 дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу й Айцу ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,
21 будучы паслухмянымі адны другім у боязі Божай.
22 Жанкі, будзьце падуладнымі мужом сваім, як Усеўладару,
23 муж бо ёсьць галавою жонкі, як і Хрыстус галава Эклезіі, свайго цела, якога зьяўляецца Збавіцелем;
24 і як Эклезія падуладная Хрыстуса, гэтак і жонкі — сваіх мужоў у ва ўсім.
25 Мужы, любеце жонак сваіх, як і Хрыстус улюбіў Эклезію і выдаў сябе за яе,
26 каб усьвяціць яе абмываючы вадою праз слова жыцьця,
27 каб прадставіць яе сабе Эклезіяй слаўнай, без плямы, ці маршчыны або чаго падобнага, але каб была сьвятою беззаганнаю.
28 Гэтак і мужы павінны любіць сваіх жонак як целы ўласныя: хто любіць сваю жонку — сябе самога любіць.
29 Ніхтож бо ніколі ня меў ненавісьці да свайго цела, але гадуе й пялегуе яго, як і Хрыстус Эклезію,
30 бож мы — часткі цела ягонага.
31 Таму-то пакіне чалавек бацьку свайго й матку ды злучыцца з жонкай сваёю, і будуць двое ў вадным целе.
32 Гэта вялікая тайніца, а я гавару аб Хрыстусе й Эклезіі.
33 Але і кажны з вас паасобку хай любіць сваю жонку, як сябе самога, а жонка няхай паважае свайго мужа.
Ефесянам 5 глава в переводах