Читай и изучай

Библия » Пераклад праваслаўнай царквы

Евреям 7 глава

1 Бо Мелхіседэк, цар Саліма, свяшчэннік Бога Ўсявы́шняга, той, які сустрэў Аўраама, калі ён вяртаўся пасля паражэ́ння цароў, і благаславіў яго,
2 якому і дзесяціну з усяго вы́дзеліў Аўраам, — найперш, паводле значэння імені — цар праўды, а затым і цар Саліма, што азнача́е — цар міру,
3 без бацькі, без маці, без радаслоўя, не ма́ючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, падобна Сыну Божаму, застае́цца свяшчэннікам назаўсёды.
4 Бачыце, які вялікі той, каму і Аўраам, патрыярх, даў дзесяціну з найлепшай здабы́чы сваёй.
5 Тыя з сыноў Левíевых, што прымаюць свяшчэнства, маюць запаведзь — браць па закону дзесяціну з народа, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і тыя паходзяць з роду Аўраама;
6 а гэты, які не паходзіць з іх роду, атрымаў дзесяціну ад Аўраама і благаславіў таго, хто меў абяцанні.
7 Бясспрэчна ж, што меншае атрымлівае благаславенне ад большага.
8 І тут атрымліваюць дзесяціны людзі смяротныя, а там — той, хто мае пра сябе сведчанне, што ён жывы.
9 І, можна сказаць, сам Левій, які атрымлівае дзесяціны, праз Аўраама даў дзесяціну:
10 бо ён быў яшчэ ўнутры бацькі, калі Мелхіседэк сустрэў яго.
11 Дык вось, калі б дасканаласць дасяга́лася праз левіцкае свяшчэнства, — бо на ім грунтуецца закон, да́дзены народу, — то якая б яшчэ была́ патрэба з’яўляцца іншаму свяшчэнніку па чыну Мелхіседэкаву, такому, які б не называўся па чыну Ааронаву?
12 Бо з пераменаю свяшчэнства павінен перамяніцца і закон,
13 бо Той, пра Каго гаворыцца гэта, належаў да іншага калена, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку;
14 бо вядома, што Гасподзь наш паходзіць ад Іуды, пра калена якога ў дачыненні да свяшчэнства Маісей не сказаў нічога.
15 І гэта яшчэ ясней відаць, калі па падабенству Мелхіседэкаву паўстае Свяшчэннік іншы,
16 Які стаў такім не паводле закону запаведзі плоцкай, а паводле сілы жыцця нятленнага.
17 Бо засве́дчана: «Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву».
18 Дык вось, адбываецца адмена ранейшай запаведзі з-за яе слабасці і бескары́снасці —
19 бо закон нічога не давёў да дасканаласці, — і даецца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.
20 І паколькі гэта было не без клятвы, —
21 тыя ж свяшчэннікамі сталі без клятвы, а Гэты з клятваю, бо пра Яго ска́зана: «кляўся Гасподзь і не раскаецца: Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву», —
22 то і лепшага запавету паручы́целем стаў Іісус.
23 Прычым тых свяшчэннікаў было многа, бо смерць не дазваляла заставацца назаўсёды;
24 а Гэты, паколькі застае́цца вечна, то ма́е свяшчэнства, якое не міна́е,
25 таму і можа заўжды спасаць тых, што прыходзяць праз Яго да Бога, бо Ён заўсёды жывы́, каб хада́йнічаць за іх.
26 Такі і патрэбен нам быў Першасвяшчэннік: святы, нявінны, беззага́нны, аддзе́лены ад грэшнікаў і ўзне́сены вышэй за нябёсы,
27 Які не ма́е патрэбы, як тыя першасвяшчэннікі, прыносіць штодзень ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народа; бо Ён гэта зрабіў раз назаўсёды, калі прынёс у ахвяру Самога Сябе.
28 Бо закон ставіць першасвяшчэннікамі людзей, падле́глых сла́басцям; а слова клятвы, якая была пасля закона, паставіла Сына, навек даскана́лага.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.