Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
Евреям 4 глава
1 Дык будзем ру́піцца, каб увайсьці ў супакой Ягоны, пакуль яшчэ застаецца абяцаньне, каб ня стаўся хто з вас спазьніўшымся.
2 Бо і нам было абвешчана (гэта Слова Бога), як і тым; але ім ня дало карысьці пачу́тае слова, бо ня спалу́чана было зь вераю тых, што пачу́лі.
3 Бо ўваходзім у супакой мы, што паве́рылі, бо Ён сказаў: «Гэтак Я пакляўся ў гневе Маім: “ня ўвойдуць яны ў супакой Мой”», хаця дзеі Ягоныя былі скончаныя ўжо ад пачатку сьвету.
4 Бо сказана недзе пра сёмы дзень гэтак: «І супачыў Бог у дзень сёмы ад усіх дзеяў Сваіх».
5 І ўсё ж такі (Ён гаворыць): «Ня ўвойдуць яны ў супакой Мой!»
6 Дык, як нікаторым застаецца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім раней было дабравешчана, ня ўвайшлі за няпакорлівасьць,
7 (Ён) ізноў прызначае нейкі дзень, «сягоньня», кажучы праз Давіда, пасьля столькі доўгага часу, як сказана: «сягоньня, калі пачуеце голас Ягоны, ня рабіце жорсткімі сэрцы вашыя».
8 Бо калі б Ісус (Навін) увёў іх у супакой, то (Ён) ня казаў бы пра іншы дзень.
9 Таму застаецца для народу Божага сьвяткаваньне суботы.
10 Бо хто ўвайшоў у супакой Ягоны, той і сам супакоіўся ад дзеяў сваіх, як і Бог ад Сваіх.
11 Таму пастараймася ўвайсьці ў той супакой, каб ніхто паводля таго ж прыкладу ня ўпаў у няпакорнасьць.
12 Бо Слова Бога жывое і дзейснае, і вастрэйшае за ўсякі меч двусечны, і пранікае ажно да разьдзяленьня сувязяў паміж душой і духам, і розумам, і здольна судзіць помыслы і намеры сэрца.
13 І няма стварэньня ўкрытага ад Яго; але ўсё аголена і адкрыта перад вачамі Ягонымі, перад Якім наша справаздача.
14 Дык маючы Архірэя вялікага, Які прайшоў Нябёсы — Ісуса, Сына Бога, цьвёрда трымаймася (нашага) веравызнаньня.
15 Таму што мы маем Архірэя ня такога, Які ня мог бы спагадаць нам у немачах нашых, але маем спакушанага ва ўсім падобна нам, але застаўся бяз грэху.
16 Таму прыступайма з адвагаю да пасаду Багадаці, каб атрымаць нам зьмілаваньне, і дзеля своечасовай дапамогі атрымаць спрыяньне (Бога).
Евреям 4 глава в переводах