Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Марка 3 глава
Аздараўленне хворага ў шабат1 Езус зноў увайшоў у сінагогу. А быў там чалавек з усохлай рукой.
2 І сачылі за Езусам, ці вылечыць Ён у шабат, каб абвінаваціць Яго.
3 І сказаў Ён чалавеку з усохлай рукою: «Стань пасярэдзіне».
4 А ў іх запытаўся: «У шабат дазволена рабіць дабро ці зло, душу ўратаваць ці загубіць?» Але яны маўчалі.
5 Гнеўна паглядзеўшы на іх, засмучаны жорсткасцю іх сэрцаў, сказаў таму чалавеку: «Працягні руку». Той працягнуў — і стала здаровай рука ягоная.
6 Тады фарысеі выйшлі, адразу сабралі з прыхільнікамі Ірада нараду супраць Езуса, каб загубіць Яго.
Натоўп ідзе за Езусам7 Езус адышоў з вучнямі сваімі да мора. А за Ім ішоў вялікі натоўп з Галілеі, з Юдэі,
8 з Ерузалема, з Ідумеі; з-за Ярдана і з ваколіц Тыра і Сідона прыйшло да Яго вялікае мноства людзей, якія пачулі, што Ён рабіў.
9 Тады сказаў Ён сваім вучням падрыхтаваць Яму човен, каб натоўп не заціснуў Яго.
10 Многіх Ён аздаравіў, таму тыя, хто меў якую-небудзь хваробу, ціснуліся, каб дакрануцца да Яго.
11 Нячыстыя духі, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: «Ты — Сын Божы!»
12 Але Ён строга забараняў ім, каб не выкрывалі Яго.
Імёны Апосталаў13 Пасля ўзышоў на гару і паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў, і яны прыйшлі да Яго.
14 І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць
15 і каб яны мелі ўладу выганяць злых духаў.
16 Устанавіў гэтых Дванаццаць: Сымона, якому даў імя Пётр,
17 Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Баанэргес, што азначае «сыны грому»;
18 Андрэя, Філіпа, Барталамея, Мацвея, Тамаша, Якуба Алфеевага, Тадэвуша, Сымона Кананэйца
19 і Юду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
Апалогія Езуса20 І прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба.
21 Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.
22 А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў.
23 А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: «Як можа сатана выганяць сатану?
24 Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства.
25 І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом.
26 І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму.
27 Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны.
28 Сапраўды кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі.
29 Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі».
30 Так сказаў, бо гаварылі: «Ён мае нячыстага духа».
Маці і браты Езуса31 Тады прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго.
32 Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: «Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе».
33 Але Ён сказаў ім у адказ: «Хто маці Мая і браты Мае?»
34 І, паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.
35 Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».
От Марка 3 глава в переводах