Читай и изучай

Библия » Пераклад Яна Станкевіча

Притчи 5 глава

1 Сыну мой! уважай на мудрасьць маю, да розуму майго сьхіні вуха свае,
2 Каб зважаць на разважнасьць, і каб вусны твае захавалі веду;
3 Бо саладзіня капае з вуснаў чужое, і мякчэйшае за аліву паднябеньне ейнае:
4 Але наапошку яно гаркое, як палын, войстрае, як абаротны меч;
5 Ногі ейныя зыходзяць да сьмерці, і ступы хапаюцца за шэоль.
6 Дарогу жыцьця калі зважыш, то абачыш блудныя сьцежкі ейныя, і ты іх не пазнаеш.
7 І цяперака, сынове, слухайце мяне й не адступайце ад слоў вуснаў маіх:
8 Аддаль ад яе дарогу сваю і ня бліжся да дзьвярэй дому ейнага,
9 Каб не аддаць іншым пазору свайго і год сваіх неміласьціўнаму,
10 Каб чужыя не насыціліся сілаю тваёю, працаю тваёю ў чужым доме.
11 І ты будзеш наракаць наапошку, як высіліш цела свае й еміну сваю,
12 І скажаш: «Як я ненавідзіў навуку, і зырам грэбавала сэрца мае!
13 І я ня слухаў голасу вучыцеляў сваіх і да навучыцеляў сваіх ня сьхінаў вуха свайго.
14 Бываў я траха ў кажным ліху сярод збору й грамады».
15 Пі ваду з налевы свае і цякучую із студні свае.
16 Крыніцы твае хай разьліваюцца на вонкі, цур’і водаў — па вуліцах;
17 Хай яны належаць да цябе аднаго, а ня чужым із табою.
18 Хай будзе дабраславёна жарало твае, і май радасьць із жонкі маладосьці свае,
19 Любовае лані а пазорнае сэрны; няхай грудзі яе досыць чыняць табе ў кажным часе; заўсёды захапляйся яе любосьцяй.
20 І нашто, сыну мой, хочаш захапляцца чужою і абыймаць улоньне другое?
21 Бо перад відам СПАДАРА дарогі людзкія, і Ён мерае ўсі сьцежкі ягоныя.
22 Нягоднага схопяць бяспраўі ягоныя, і яго будуць дзяржаць моцна паварозы грэху ягонага;
23 Ён памірае зь нястачы навукі і ў множасьці шалу свайго заблудзіцца.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.