Читай и изучай

Библия » Пераклад праваслаўнай царквы

От Луки 1 глава

1 Паколькі ўжо многія ўзялíся склада́ць аповесць пра падзеі, якія сярод нас адбылíся,
2 як перадалí нам тыя, што ад пачатку былí відаво́чцамі і служы́целямі Слова,
3 прыйшло на думку і мне, дакладна дасле́даваўшы ўсё ад пачатку, паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Фео́філе,
4 каб ты спазна́ў цвёрдую аснову таго вучэ́ння, у якім быў наста́ўлены.
5 Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага, адзін святар íмем Заха́рыя, з Авíевай чаргí; і жонка яго з роду Ааро́навага, імя́ ёй Елісавета.
6 Былí яны абое праведныя перад Богам, жывучы́ паводле ўсіх за́паведзяў і ўстанаўле́нняў Гасподніх беззага́нна.
7 І не ме́лі яны дзіця́ці, бо Елісавета была́ няплодная, і абое былí ўжо на схíле гадоў сваіх.
8 І ста́лася: калі ў парадку сваёй чаргí ён служыў перад Богам,
9 вы́пала яму, паводле звы́чаю святарскага, кадзíць, увайшоўшы ў храм Гасподні,
10 а ўсё мноства людзей малілася зво́нку ў час каджэ́ння;
11 і явіўся яму Ангел Гасподні, сто́ячы справа ад кадзíльнага ахвя́рніка;
12 і суме́ўся Заха́рыя, убачыўшы, і страх напаў на яго.
13 Але Ангел сказаў яму: не бойся, Заха́рыя, бо пачу́та малітва твая, і жонка твая Елісавета наро́дзіць табе сына, і назавеш яго íмем Іаан,
14 і будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэ́нню яго ўзрадуюцца;
15 бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і не будзе піць віна́ і сíкеру; і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй;
16 і многіх з сыноў Ізра́ілевых зве́рне да Госпада Бога іх;
17 і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліí, каб вярну́ць сэ́рцы бацькоў да дзяцей, і непакорлівых да мудрасці праведных, каб падрыхтава́ць Госпаду народ гатовы.
18 І сказаў Заха́рыя Ангелу: па чым я пазна́ю гэта? бо я стары́, і жонка мая́ на схíле гадоў сваіх.
19 І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыíл, што стаю перад Богам і пасла́ны гаварыць з табой і дабраве́сціць табе гэта;
20 і вось, будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да таго дня, калі збу́дзецца гэта, за тое, што ты не паверыў сло́вам маім, якія здзе́йсняцца ў свой час.
21 І чакаў народ Заха́рыю і здзіўляўся, што ён мару́дзіць у храме.
22 Ён жа, вы́йшаўшы, не мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў відзе́нне ў храме; а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямы́м.
23 І ста́лася: калі скончыліся дні служэ́ння яго, пайшоў ён у дом свой.
24 Пасля гэтых дзён зачала́ Елісавета, жонка яго, і таíлася пяць месяцаў, і гаварыла:
25 так зрабіў мне Гасподзь у дні, калі спагля́нуў, каб зняць з мяне́ га́ньбу сярод людзе́й.
26 А ў шосты месяц пасла́ны быў Ангел Гаўрыíл ад Бога ў горад Галіле́йскі пад назвай Назарэ́т
27 да Дзевы, зару́чанай з мужам, імя́ якому Іосіф, з дому Давíдавага; а імя́ Дзевы — Марыя.
28 І, увайшоўшы да Яе, Ангел сказаў: радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою; благаславёная Ты сярод жанчын.
29 Яна ж, убачыўшы яго, збянтэ́жылася ад слова яго і разважа́ла, што́ ж гэта за віта́нне.
30 І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя, бо Ты знайшла благадаць у Бога.
31 І вось, зачне́ш ва ўло́нні, і наро́дзіш Сы́на, і дасí Яму імя́: Іісус.
32 Ён будзе вялікі, і Сы́нам Усявышняга будзе назва́ны, і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго;
33 і будзе царстваваць над домам Іакава давеку, і Царству Яго не будзе канца.
34 І сказала Марыя Ангелу: як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?
35 Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе́ на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне́ Цябе; таму і Святое, што наро́дзіцца, Сы́нам Божым будзе назва́на;
36 і вось, Елісавета, сваячка Твая, і яна зачала́ сына ў старасці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай;
37 бо не застане́цца бяссíльным у Бога ніводнае слова.
38 Тады сказала Марыя: вось, Я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне па слову твайму. І адышоў ад Яе Ангел.
39 І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні пайшла з паспе́шнасцю ў горны край, у горад Іу́даў;
40 і ўвайшла ў дом Заха́рыі, і павіта́ла Елісавету.
41 І ста́лася: калі пачула Елісавета віта́нне Марыіна, устрапяну́лася дзіця́тка ва ўлонні яе; і напоўнілася Елісавета Духам Святым,
42 і ўсклíкнула моцным голасам і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын і благаславёны плод уло́ння Твайго!
43 І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
44 Бо, калі голас віта́ння Твайго дайшоў да вушэ́й маіх, устрапяну́лася дзіця́тка радасна ва ўлонні маім.
45 І блажэнная Тая, што паверыла, бо збу́дзецца ска́занае Ёй ад Госпада.
46 І сказала Марыя: веліча́е душа Мая Госпада,
47 і ўзра́даваўся дух Мой у Богу, Спасіцелі Маім,
48 што спагля́нуў Ён на пако́ру Рабы Сваёй; бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэ́ннай усе ро́ды;
49 бо ўчынíў Мне вялікае Моцны, і святое імя́ Яго;
50 і міласэрнасць Яго ў ро́ды ро́даў да тых, што баяцца Яго;
51 Ён праявíў сілу рукою Сваёю; рассе́яў ганарлíвых ду́мкамі сэ́рца іх;
52 скінуў моцных з прастолаў і ўзнёс пако́рлівых;
53 галодных здаво́ліў дабром, а багатых адпусціў ні з чым;
54 прыхіну́ў Ізра́іля, слугу́ Свайго, па́мятаючы пра міласць, —
55 як гаварыў бацька́м нашым, — да Аўраама і се́мені яго давеку.
56 Прабыла́ ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.
57 А Елісавеце настаў час радзíць, і яна нарадзíла сы́на.
58 І пачулі суседзі і сваякі яе, што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе і радаваліся з ёю.
59 І ста́лася: у восьмы дзень прыйшлі абрэ́заць дзіця́, і хацелі назваць яго íмем ба́цькі яго, Заха́рыем.
60 І, адказваючы, маці яго сказала: не, а назва́ны будзе Іаанам.
61 І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй, хто б зваўся гэтым íмем.
62 І зна́камі пыталіся ў ба́цькі яго, я́к бы ён хацеў, каб назва́лі яго.
63 І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя́ яму. І здзівіліся ўсе.
64 І адразу адкры́ліся ву́сны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, благаслаўля́ючы Бога.
65 І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх; і па ўсім горным кра́і Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта.
66 І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэ́рцы сваім, ка́жучы: што́ будзе з дзіця́ці гэтага? І рука Гасподняя была́ з ім.
67 І Заха́рыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, ка́жучы:
68 благаславёны Гасподзь Бог Ізра́ілеў, што наведаў народ Свой і вы́купіў яго;
69 І ўзняў нам рог спасення ў доме Давіда, слугí Свайго,
70 як сказаў ву́снамі святых Сваіх прарокаў адве́ку,
71 што ўрату́е нас ад ворагаў нашых і ад рукí ўсіх, хто ненавідзіць нас;
72 каб зрабіць міласць бацька́м нашым і ўспомніць запаве́т Свой святы́,
73 кля́тву, якой кля́ўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам,
74 вы́зваленым ад рукí ворагаў нашых, без бо́язі
75 служы́ць Яму ў свя́тасці і пра́веднасці перад Ім ва ўсе дні жыцця́ нашага.
76 І ты, дзіця́, прарокам Усявышняга будзеш назва́на, бо ты будзеш ісці перад аблíччам Госпада, каб падрыхтаваць шляхí Яму,
77 даць народу Яго спазна́ць спасе́нне ў адпушчэ́нні грахоў,
78 па сардэчнай міласці Бога нашага, якою наве́даў нас Усход з вышынí,
79 каб асвятлíць тых, што сядзяць у це́мры і це́ні смерці, скірава́ць ногі нашы на шлях міру.
80 Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам; і было́ ў пусты́нях да дня з’яўле́ння свайго Ізра́ілю.

От Луки 1 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.