Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея
От Луки 1 глава
1 Як ужо многія браліся напісаць аповесьць аб зусім добра вядомых сярод вас здарэньнях,
2 як пераказалі нам тое быўшыя з са́мага пачатку вачавідцамі і слугамі Слова,
3 то прыйшло на думку і мне́, пільна разьве́даўшы аб усім ад пачатку, як сьле́д апісаць табе́, высокапаважаны Феафіле,
4 каб ты даве́даўся праўду аб тых словах, якіх цябе́ навучылі.
5 Быў у дні Ірада, цара Юдэйскага, сьвяшчэньнік з Авіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка яго з дачок Ааронавых; і было імя яе́ Альжбе́та.
6 Былі-ж яны абое праведныя перад Богам, паступаючы паводле прыказаньняў і законаў Госпада беззаганна.
7 І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбе́та была няплодная, і абое яны былі паджылыя ў гадох сваіх.
8 І ста́лася, калі ў парадку свае́ чаргі служыў ён перад Богам,
9 выпала яму паводле звычаю сьвяшчэньнікаў увайсьці ў царкву Гасподнюю кадзíць;
10 а ўся маса народу вонках малілася ў час каджэньня.
11 І зьявіўся яму Ангел Гасподні, стоячы справа ля кадзільнага ахвярніку.
12 І спалохаўся Захарыя, убачыўшы яго, і зьняў яго страх.
13 Ангел жа сказаў яму: ня бойся, Захарыя; бо вы́слухана малітва твая, і жонка твая Альжбе́та ўродзіць табе́ сына, і дасі яму імя — Іоан.
14 І будзе табе́ радасьць і ўце́ха, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня яго.
15 Бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ў чэраве маткі свае́.
16 І многіх з сыноў Ізраілявых наве́рне да Госпада Бога іх.
17 І пройдзе перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзе́цям, і непаслухмя́ных да мудрасьці праведных, каб прыгатаваць Госпаду народ падгатоўлены.
18 І сказаў Захарыя Ангелу: Па чым пазна́ю я гэтае? То-ж я стары́, і жонка мая ў гадо́х пажылых.
19 І сказаў яму Ангел у адказ: я — Гаўрыіл, што перад Богам стаю, і пасла́ны гаварыць з табою і абвясьціць табе́ гэтае.
20 І вось, будзеш ты маўчаць, і ня здолееш гаварыць да дня, калі гэтае станецца: за тое, што не паве́рыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.
21 І ждаў народ Захарыю і дзівіўся, што ён марудзіць у царкве́.
22 Выйшаўшы-ж, ён ня мог гаварыць да іх: і пазналі, што бачыў зья́ву ў царкве́; і ён ківаў і астаўся не́мы.
23 І сталася, як скончыліся дні службы яго, вярнуўся ён у дом свой.
24 Пасьля гэтых дзён зачала Альжбе́та, жонка яго, і таілася пяць ме́сяцаў, ды гаварыла:
25 так учыніў мне́ Госпад у дні гэтыя, як глянуў на мяне́, каб зьняць з мяне́ ганьбу між людзьмі.
26 У шосты-ж ме́сяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў места Галіле́йскае, называнае Назарэт,
27 да дзе́вы, зару́чанай з мужам іме́ньнем Язэп, з дому Давідавага; імя-ж дзе́вы — Марыя.
28 Ангел, увайшоўшы да яе́, сказаў: радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; багасла́ўлена ты між жанок.
29 Яна-ж, убачыўшы яго, спалохалася ад слоў яго і разважала, што-б гэта было за прывітаньне такое?
30 І сказаў ёй Ангел: ня бойся, Марыя; бо ты знайшла ласку ў Бога.
31 І вось зачне́ш у чэраве і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус.
32 Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назаве́цца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго,
33 і цары́ць будзе над домам Якава даве́ку, і царству Яго ня будзе канца.
34 Марыя-ж сказала Ангелу: як гэта будзе, калі я ня знаю мужа?
35 І ў адказ сказаў ей: Дух Сьвяты найдзе́ на цябе́, і сіла Найвышэйшага ахіне́ цябе́: вось чаму й тое, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назаве́цца.
36 Вось і Альжбе́та, сваячка твая, і яна зачала сына ў ста́расьці сваёй, і гэта ўжо шосты ме́сяц у яе́, хоць і называнай няплоднай.
37 Бо-ж у Бога ніводнае слова ня будзе немагчымым.
38 І сказала Марыя: вось я — слуга Госпада; няхай ста́нецца мне́ па слову твайму. І адыйшоў ад яе́ Ангел.
39 Устаўшы-ж Марыя ў тыя дні борзда пайшла ў горную краіну, у ме́ста Юдзіна.
40 І ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбе́ту.
41 І ста́лася, як Альжбе́та ўчула прывітаньне Марыі, узварухну́лася дзіцятка ў чэраве яе́, і Альжбе́та напоўнілася Духам Сьвятым.
42 І загаласіла моцным голасам і сказала: багасла́ўлена ты між жанок, і багасла́ўлены плод чэ́рава твайго.
43 І адкуль гэтае мне́, што прыйшла маці Госпада майго да мяне́?
44 Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ў чэраве маім.
45 І шчасьлíва паве́рыўшая: бо збудзецца сказанае ёй ад Госпада.
46 І сказала Марыя: вяліча́е душа мая́ Госпада;
47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу Спасіцелю маім,
48 што глянуў Ён на пакорнасьць рабы свае́, бо адгэтуль шчасьліваю называцімуць мяне́ ўсе́ роды,
49 бо вялікае ўчыніў мне́ Дужы́; і сьвятое імя Яго;
50 і міласьць Яго ў роды радоў для тых, што баяцца Яго.
51 Учыніў сілу рукой сваёй; рассе́яў гордых думкамі сэрца іх;
52 адабраў у моцных пасады, узьвялічыў пакорных,
53 галодных здаволіў дабром, а багатыроў адпусьціў ні з чым.
54 Прыняў Ізраіля, слугу свайго, успомніў міласьць,
55 як гаварыў да айцоў нашых, да Аўраама і насе́ньня яго даве́ку.
56 Прабыла-ж Марыя з ёю каля трох ме́сяцаў і вярнулася ў дом свой.
57 Альжбе́це-ж настаў час радзіць, і яна ўрадзіла сына.
58 І пачулі сусе́дзі ды сваякі яе́, што ўзьвялічыў Госпад міласьць сваю над ёю, і це́шыліся з ёю.
59 У восмы дзе́нь прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хаце́лі назваць яго па іме́ньню бацькі яго Захарыям.
60 На гэтае маці яго сказала: не́, а назваць яго Іоанам.
61 І сказалі ёй: нікога няма ў родзе тваім, хто зваўся-б гэтым іме́ньнем.
62 І пыталіся на міга́х у бацькі, як бы ён хаце́ў назваць яго.
63 Ён зажадаў дошчачку і напісаў: Іоан імя яму. І ўсе́ дзівіліся.
64 І ў той жа час расчыніліся вусны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, багасла́ўлючы Бога.
65 І страх узьняўся сярод сусе́дзяў іх; і расказвалі пра ўсё гэтае па ўсёй нагорнай старане́ Юдэйскай.
66 І ўсе́ чуўшыя ўзялі гэтае да сэрца свайго і гаварылі: што-ж гэта будзе за дзіця? І рука Госпадава была з ім.
67 І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Сьвятым Духам і прарочыў, кажучы:
68 Багасла́ўлены Госпад Бог Ізраіляў, што адве́даў народ свой і даў выбаўле́ньне яму;
69 і падняў рог спасе́ньня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго,
70 (як апавясьцíў вуснамі быўшых ад ве́ку сьвятых прарокаў Сваіх),
71 спасе́ нас ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх ненавíдзячых нас;
72 і ўчы́ніць ла́ску бацьком нашым і спамяне́ сьвяты тастамант свой,
73 прысягу, што кляўся Аўрааму, бацьцы нашаму, даць нам,
74 не з баязьні, па выбаўле́ньні з рукі ворагаў нашых
75 служыць Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад ім у-ва ўсе́ дні жыцьця нашага.
76 І ты, дзіцятка, назавешся прарокам Усявышняга, бо пройдзеш напе́рад прад абліччам Госпада — прыгатаваць шляхі Яму,
77 даць народу пазнаць спасе́ньне ў адпушчэньні грахоў яго,
78 па ўну́транаму міласэрдзю Бога нашага, якім адве́даў нас Усход з вышыні,
79 прасьвяціць тых, што ў це́мры і ў цяню́ сьмяротным, пакіраваць ногі нашыя, на дарогу міра.
80 Дзіця-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях да дня зьяўле́ньня свайго Ізраілю.
От Луки 1 глава в переводах