Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Евреям 5 глава
1 Бо кожны першасвятар, узяты з людзей, ставіцца дзеля людзей на служэнне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
2 ён можа спачуваць недасведчаным і заблуканым, бо і сам ахоплены слабасцю,
3 з-за якой ён і павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
4 І ніхто сам сабою не бярэ гэты гонар, толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
5 Так і Хрыстос не Сам Сябе праславіў, стаўшы Першасвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Мой Сын, Я сёння нарадзіў Цябе»,
6 як і ў іншым месцы Ён кажа: «Ты — Святар навекі на ўзор Мельхіседэка».
7 Ён у дні Свайго цела з моцным воклічам і са слязьмі ўзнёс просьбы і малітвы Таму, Хто мог выратаваць Яго ад смерці, і быў пачуты за Сваю богапашану.
8 хоць Ён і Сын, навучыўся паслухмянасці ад усяго таго, што перацярпеў,
9 і, выканаўшы ўсё, Ён стаў для ўсіх, паслухмяных Яму, крыніцаю для вечнага выратавання,
10 названы Богам Першасвятаром паводле чына Мельхіседэка.
11 Пра Яго мы маем сказаць многае, што яшчэ і цяжка растлумачыць, бо вы зрабіліся тугія на вушы.
12 Бо калі і вы, паводле часу, павінны б быць настаўнікамі, самі зноў маеце патрэбу, каб хто вучыў вас асновам пачатку слоў Божых, і вы сталі тымі, каму патрэбна малако, а не цвёрдая ежа.
13 Бо кожны, хто корміцца малаком, недасведчаны ў слове праведнасці, бо ён — немаўля.
14 А цвёрдая ежа — для дарослых, у якіх пачуцці практыкаю прывучаны адрозніваць дабро і зло.
Евреям 5 глава в переводах