Библия » Пераклад праваслаўнай царквы
Евреям 5 глава
1 Таму што кожны першасвятар, з людзей вы́браны, дзеля людзей ставіцца на служэнне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
2 бу́дучы здольны спагада́ць тым, хто ў няве́данні і ўве́дзены ў зман, бо і сам ахоплены не́маччу,
3 і таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
4 І ніхто сам сабе не надае́ гэтай годнасці, толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
5 Так і Хрыстос не Сам Сябе праславіў, стаўшы першасвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»;
6 як і ў іншым месцы кажа: «Ты святар навек па чыну Мелхіседэкаву».
7 Ён у дні Свайго цялеснага жыцця ўзнёс малітвы і прашэ́нні з ускліка́ннем моцным і са слязьмі Таму, Хто мог збавіць Яго ад смерці, і пачуты быў за глыбокую пашану да Бога;
8 хоць і Сын Ён, аднак праз пакуты навучы́ўся паслушэ́нству
9 і, будучы дасканалым, стаў для ўсіх паслухмя́ных Яму прычынаю спасення вечнага,
10 назва́ны ад Бога Першасвятаром па чыну Мелхіседэкаву.
11 Пра гэта мы многае маем сказаць, але цяжка растлума́чыць, бо вы сталі няздо́льнымі слухаць.
12 І хоць пара́ ўжо вам самім быць настаўнікамі, але вас зноў трэба вучы́ць першаасно́вам вучэння Божага, і вам зноў патрэ́бна малако, а не цвёрдая ежа.
13 Бо кожны, каго кормяць малаком, той недасве́дчаны ў слове праўды, таму што гэта дзіця;
14 а цвёрдая ежа — для дасканалых, у якіх пачуцці вопытам прыву́чаны адрозніваць дабро і зло.
Евреям 5 глава в переводах