Читай и изучай

Библия » Пераклад праваслаўнай царквы

От Марка 4 глава

1 І зноў пачаў вучы́ць каля мора, і сабра́лася да Яго народу мноства, так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
2 І навучаў іх многа прытчамі, і гаварыў ім у павучэнні Сваім:
3 слухайце: вось, выйшаў се́йбіт сеяць.
4 І ста́лася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі ды падзяўблí тое.
5 Іншае ўпала сярод каме́ння, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая;
6 калі ж сонца падняло́ся — завяла і, не ма́ючы ко́раня, засохла.
7 Іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго, і яно не дало́ плоду.
8 А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод, што падымаўся і ўзрастаў, і ўрадзíла па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.
9 І казаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
10 Калі ж Ён застаўся адзін, тыя, што былí пры Ім, разам з двана́ццаццю спыталі Яго аб прытчы.
11 І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;
12 каб яны, гле́дзячы, бачылі і не ўспрыма́лі, і, слу́хаючы, чулі і не разумелі, каб не звярну́ліся і не былí ім адпу́шчаны грахі.
13 І кажа ім: не разуме́еце прытчы гэтай? Як жа ўсе прытчы зразуме́еце?
14 Се́йбіт слова сее.
15 І вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае пасе́янае ў сэ́рцах іх.
16 Таксама і пасе́янае сярод каме́ння — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыма́юць яго з радасцю,
17 але не маюць ко́раня ў сабе і нетрыва́лыя; калі настане ўціск або гане́нне з-за слова, адразу спакуша́юцца.
18 А ў це́рнях пасе́янае — гэта тыя, што чуюць слова,
19 але турбо́ты гэтага веку і спакуса багацця ды іншыя захапле́нні, увахо́дзячы ў іх, заглуша́юць слова, і яно застае́цца бясплодным.
20 А пасе́янае на добрай зямлі — гэта тыя, якія слухаюць слова і прыма́юць, і даюць плод па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.
21 І сказаў ім: хіба́ свечка прыно́сіцца, каб паставіць яе пад пасу́дзіну ці пад ло́жак? хіба́ не дзеля таго, каб паставіць яе на падсве́чнік?
22 Бо няма нічога тае́мнага, каб не стала я́ўным, і нішто не бывае схава́на, каб не адкрылася.
23 Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
24 І казаў ім: заўважа́йце, што чуеце. Якою мераю ме́раеце, такою і вам адме́раецца, і дада́дзена будзе вам, хто слухае.
25 Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў яго і тое, што ма́е.
26 І казаў: так і Царства Божае, як чалавек, калі кіне зе́рне ў зямлю;
27 і спіць, і ўстае́ ўно́чы і ўдзень, а як насенне ўзыхо́дзіць і расце́, не ведае ён.
28 Бо зямля сама па сабе ро́дзіць напачатку зелень, потым колас, тады напаўняе зе́рне ў коласе.
29 Калі ж вы́спее плод, адразу пасыла́е серп, бо надышло́ жніво́.
30 І казаў: з чым параўна́ем Царства Божае́ ці якою прытчаю вы́явім яго?
31 Яно як зе́рне гарчы́чнае, што, калі сеецца ў зямлю, то ме́ншае за ўсякае насенне на зямлі,
32 а калі пасеяна, вырастае і робіцца бо́льшым за ўсю зелянíну і пускае вялікае галлё, так што ў за́сені яго могуць пасялíцца птушкі нябесныя.
33 І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова, наколькі маглі яны слухаць.
34 Без прытчы не прамаўляў да іх, а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.
35 І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: перапра́вімся на той бок.
36 І яны, адпусцíўшы людзей, бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы; і яшчэ лодкі былí з Ім.
37 І ўзняла́ся з ветру вялікая бура; хвалі захлíствалі лодку, так што яна ўжо напаўня́лася.
38 А Ён на карме́ спаў на ўзгало́ўі. І бу́дзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік! хіба́ не хвалюе Цябе, што мы гíнем?
39 І, устаўшы, Ён забаранíў ветру і кажа мору: сціхні, перастань. І суня́ўся вецер і настала цíша вялікая.
40 І кажа ім: чаго вы такія баязлівыя? як гэта не маеце веры?
41 І напоўніліся страхам вялікім, і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён, калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?

От Марка 4 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.