Читай и изучай

Библия » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

От Марка 4 глава

1 І ізноў пачаў навучаць над морам; і сабралося да Яго такое множства народу, што Ён увайшоў у човен і сядзе́ў у моры, а ўве́сь народ быў на зямлі ля мора.
2 І навучаў іх шмат прыпо́весьцямі, і ў навуцы сваёй гаварыў ім:
3 Слухайце: вось вы́йшаў се́йбіт се́яць.
4 І сталася, як се́яў, што іншае ўпала пры дарозе, і наляце́лі птушкі нябе́сныя ды падзёўбалі тое;
5 іншае ўпала на каме́нны грунт, дзе́ мала было зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была няглыбокая;
6 калі-ж узыйшло сонца, завя́ла ды, ня ма́ючы караня́, засохла.
7 Іншае ўпала між шыпшы́ньнікам, і шыпшыньнік вы́рас, і заглушы́ў яго, і яно не дало плёну;
8 іншае ўпала на добрую зямлю і дало плён, што ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла іншае трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, іншае сто.
9 І сказаў ім: хто ма́е вушы чуць, няхай чуе.
10 Калі-ж Ён быў Сам, акружаўшыя Яго разам з дванаццацьма спыталіся ў Яго аб прыпо́весьці.
11 І сказаў ім: вам да́дзена ве́даць тайны царства Божага, а тым вонках усё стае́цца ў прыповесьцях,
12 каб, гле́дзячы вачы́ма, глядзе́лі й ня бачылі; слу́хаючы, чулі й не разуме́лі; каб не навярнуліся, ды каб ня былі дарава́ны ім грахі іхнія.
13 І кажа ім: не разуме́еце гэтае прыпо́весьці? Як жа вам зразуме́ць усе́ прыпо́весьці?
14 Се́йбіт слова се́е.
15 Вось жа тыя, што ля дарогі, дзе́ се́ецца слова, як толькі пачуюць яго, дык ураз жа сатана́ й вырывае слова, пасе́янае ў сэрцах іх.
16 Таксама й тыя, што пасе́яны на камянíстым ме́сцы, якія, ле́дзь пачуюць слова, зараз з ра́дасьцю прыймаюць яго,
17 ды ня маюць у сабе́ караня́, дык дачэсныя: як толькі прыйдзе у́ціск ці перасьле́даваньне за слова, зараз спакуша́юцца.
18 І тыя, што ў шыпшы́ньніку пасе́яны, гэта тыя, што чуюць слова,
19 але ў якіх турботы гэтага ве́ку, прына́да багацьця ды іншыя пажаданьні, увахо́дзячы ў іх, глу́шаць слова, і яно стае́цца бясплодным.
20 І што пасе́яна на добрай зямлі, гэта тыя, якія слу́хаюць слова і прыймаюць яго, і даюць плен: адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзесят, іншы ў сто разоў.
21 І сказаў Ім: ці на тое прыносіцца сьвятло́, каб паставіць яго пад пасу́дзіну ці пад ложак, а не на тое, каб паставіць яго на сьве́тачу?
22 Бо няма нічога тайнага, каб не зрабілася яўным: бо ня сталася дзеля ўкрываньня, а каб вы́явілася.
23 Калі хто ма́е вушы чуць, няхай чуе.
24 І сказаў ім: заўважа́йце, што чуеце: якою ме́раю ме́раеце, гэткаю й вам адме́рана будзе і дададзена будзе вам, што слухаеце.
25 Бо хто ма́е, таму будзе да́дзена, а хто ня ма́е, у таго ады́мецца й тое, што ма́е.
26 І сказаў: гэтак ёсьць царства Божае, як калі чалаве́к кíдае зе́рне ў зямлю,
27 і сьпіць, і ўстае́ ўначы і ўдзе́нь, і насе́ньне ўзыходзіць і расьце́, што ён ня ве́дае;
28 бо зямля́ сама́ сабою родзіць сьпярша рунь, пасьля колас, пасьля зе́рне ў коласе.
29 Калі-ж дасьпява́е плён, ураз жа шле́ць се́рп, бо надыйшло жніво́.
30 І сказаў: да чаго падобна царства Божае? Ці якою прыпо́весьцю вы́кажам яго?
31 Яно як зе́рне гарчы́чнае, якое, калі се́ецца ў зямлю, дык ёсьць ме́ншае за ўсе́ зярнаты на зямлі,
32 а калі пасе́яна, узыходзіць і робіцца большым за ўсе́ расьлíны і пускае такія вялікія галіны, што пад це́нем яго могуць хава́цца пта́хі нябе́сныя.
33 І многімі гэткімі прыпо́весьцямі казаў ім слова, колькі яны маглі слухаць;
34 бяз прыпо́весьці-ж не́ гавары́ў нічога, а вучням насамо́це тлумачыў усё.
35 Уве́чары таго-ж дня сказаў ім: пераплыве́м на той бок.
36 І яны, адправіўшы народ, узялí Яго з сабою, як быў у чаўне́, бо з Ім былі і другія чаўны́.
37 І ўзьнялася вялікая бу́ра; хва́лі білі ў чо́вен так крэпка, што ўжо пачаў напаўняцца вадою.
38 А Ён спаў на карме́ на падушцы. Яго будзяць ды кажуць да Яго: Вучыцель! Няўжо-ж Цябе́ ня ру́піць, што мы гінем?
39 І, падыймаючыся, забараніў ве́тру і кажа да мора: змоўкні, пакінь! І ве́цер заціх, і настала вялікая ціша.
40 І кажа ім: чаму вы гэткія палахлíвыя? як гэта ў вас няма́ ве́ры?
41 І спалохаліся вялікім страхам ды гаварылі між сабою: Хто гэта, што й ве́цер і мора слу́хаюцца загаду Яго?

От Марка 4 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.