Читай и изучай

Библия » Пераклад Сабілы і Малахава

От Марка 4 глава

1 І ізноў пача́ў навучаць ля мора; і быў сабра́ны вакол Яго натоўп шматлюдны, так што Ён увайшоўшы ў човен быў на моры, а ўвесь народ быў на зямлі каля мора.
2 І вучыў іх прыповесьцямі многімі і казаў ім у вучэньні Сваім:
3 слухайце: вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 І сталася, калі сеяў, іншае ўпала каля дарогі, і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.
5 А іншае ўпала на камяністую (мясьціну), дзе ня было шмат зямлі, і няўзабаве ўзыйшло, бо зямля была няглыбокая.
6 А калі ўзыйшло сонца, (яно) завяла, і як ня мела карэньня, засохла.
7 А іншае ўпала ў церні, і выраслі церні і заглушылі яго, і (яно) ня дало́ плоду.
8 А іншае ўпала на до́брую зямлю і дало́ плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла іншае трыццаць, іншае шэсьцьдзясят, іншае стокрот.
9 І казаў ім: хто мае вушы чуць, хай чуе!
10 Калі ж (Ён) застаўся адзін (бяз народу), тыя, каторыя былі каля Яго разам з дванаццацьцю, запыталі Яго пра прыповесьць.
11 І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайну Валадарства Бога. А тым, вонкавым, усё падае́цца ў прыповесьцях.
12 Каб, угляда́ючыся, глядзелі і ня ўбачылі; і, чу́ючы, слухалі і ня маглі ўразумець, што ім трэба навярнуцца (да Мяне), і каб былí дараваны ім грахі.
13 І кажа ім: ня разумееце гэтай прыповесьці? І як уразумееце ўсе прыповесьці?
14 Сейбіт Слова сее.
15 І пасеянае (Слова) пры дарозе азначае тых, якія пачуюць Слова, але адразу прыходзіць шатан і адбірае Слова, што пасеяна ў сэрцах іхных.
16 А пасеянае (Слова) на камяністыя мясьціны азначае тых, якія, калі пачуюць Слова, зараз жа з радасьцю прыймаюць яго,
17 але ня маюць у сабе кораня і няўгрунтаваныя; потым калі настае ўціск ці гане́ньне за Слова, адразу адступаюцца.
18 А тыя што пасеяны ў це́рні, азначаюць тых, каторыя чуюць Слова,
19 але турботы веку гэтага і прынада багацьця і іншыя пажаданьні ўваходзячы (у іх) заглушаюць Слова, і яно робіцца бяспло́дным.
20 А пасеяныя ў добрую зямлю, азначаюць тых, што чуюць Слова, і прыймаюць (яго), і даюць плод у трыццаць і ў шэсьцьдзесят і ў сто (разоў).
21 І казаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб быць пастаўленай пад пасудзіну ці пад ложак? Не, але каб быць пастаўленай на сьвечніку.
22 Бо няма нічога тайнага, каб ня зрабілася яўным, і нішто ня сталася схава́ным, але каб зьявілася вядомым.
23 Калі хто мае вушы чуць, хай слухае!
24 І казаў ім: будзьце ўважлівымі да таго, што чуеце: якою мераю мераеце, гэткаю і вам адмерана будзе і дададзена будзе вам, слухаючым.
25 Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго будзе аднята і тое што мае.
26 І казаў: Валадарства Бога ёсьць падобна таму, як калі б чалавек кінуў насеньне ў зямлю;
27 і сьпіць, і ўстае ўначы і ўдзень, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ён ня ведае.
28 Бо сама зямля родзіць сьпярша рунь, пасьля колас, пасьля поўнае зерне ў коласе,
29 а калі высьпее плод зараз жа пасылае серп, бо надыйшло жніво.
30 І казаў: да чаго прыпадобнім Валадарства Бога? альбо празь якую прыповесьць выявім Яго?
31 (Яно) падобна гарчычнаму зярняці якое, калі (яно) пасеяна ў зямлю (яно) ёсьць меншае за ўсіх зярнят на зямлі.
32 А калі пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую агаро́дніну, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць гнязьдзіцца птушкі нябесныя.
33 І многімі гэткімі прыповесьцямі казаў ім Слова, колькі (яны) маглі слухаць;
34 і бяз прыповесьці ня казаў ім, а вучням Сваім насамоце тлумачыў усё.
35 І ўвечары таго самага дня гаворыць ім: пераправімся на той бок.
36 І адпусьціўшы народ бяруць Яго з сабою, як быў у чаўне; былі разам зь Ім і другія чаўны.
37 І ўзьнімаецца вялікая бура; і хвалі білі ў човен, так што ён ужо пачаў напаўняцца (вадою).
38 А Ён спаў на карме, на падушцы. І будзяць Яго і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Цябе ня рупіць што мы гінем?
39 І ўстаўшы забараніў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша.
40 І сказаў ім: чаму вы гэткія палахлівыя? чаму ня маеце веры?
41 І споўніліся страхам вялікім і гаварылі паміж сабою: хто ж Ён, што і вецер і мора слухаюцца Яго?

От Марка 4 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.