Читай и изучай

Библия » Пераклад П. Татарыновіча

От Марка 4 глава

1 Ды зноў пачаў навучаць ля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на сухазем’і краймора.
2 І шмат навучаў іх у прыповесьцях і гаварыў ім у сваёй навуцы:
3 Слухайце: вось выйшаў сяйбіт сеець.
4 І калі ён сееў, адно ўпала пры дарозе і наляцелі птушкі нябесныя ды здзяўблі яго.
5 А другое ўпала на скалісты грунт, дзе ня мела даволі зямлі й хутка ўзыйшло, зямля бо была няглыбокая;
6 і як паднялося сонца, завяла, й, ня маючы кораня, ссохла.
7 А іншае ўпала ў церні, і ўзбуялі церні ды заглушылі яго й не дало плоду.
8 Іншае-ж упала на добрую землю й дало плод, што ўзыйшоў і вырас — і ўрадзіла адно ўтрыццацера, другое ўсоцера.
9 І напамінаў: Хто мае вушы слухаць, хай слухае.
10 І калі быў сам адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, што з ім былі, аб прыповесці.
11 І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу валадарства Божага, а для тых, якія ўвонках, усё адбываецца ў прыповесцях,
12 каб «гледзячы глядзелі й ня бачылі, слухаючы чулі й ня цямілі; каб часом не навярнуліся й ня былі ім грахі адпушчаны» (Із. 6:9−10).
13 І кажа ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа вам зразумець усе іншыя?
14 Той, хто сее, слова сее.
15 А што пры дарозе, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як пачуюць, зараз прыйходзіць шатан і забірае слова, пасеенае ў сэрцах іхніх.
16 Гэтаксама й тыя з грунтам скалістым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасцю прыймаюць яго,
17 але, ня маючы ў сабе карэння трываюць дачасу, потым, як настане прыгнобленне й прасьлед дзеля слова, хутка горшацца.
18 Й іншыя, дзе сеецца ў цернях, гэта тыя, што слухаюць слова,
19 але жыцьцявыя турботы й мана багацьця ды іншыя пажаданні, ўвайшоўшы, глушаць слова й стаецца бясплодным.
20 А што на добрай зямлі пасеена, гэта тыя, якія слухаюць слова і прыймаюць ды даюць плод адно ўтрыццацера, другое ўшэсьцьдзесяцера, а іншае ўсоцера.
21 І гаварыў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну, ці пад ложак? А не натое, каб паставіць яе на ліхтары?
22 Няма бо нічога таёмнага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца сукрыта, але каб адкрылася.
23 Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае.
24 І казаў ім: Зважайце, чаго слухаеце. Якою меркаю вы адмераеце, такою і вам будзе адмерана й дададзена.
25 Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто ня мае, ў таго будзе аднята й тое, што мае.
26 І казаў: Гэтак ёсьць з гаспадарствам Божым, як калі-б чалавек укінуў засевак у землю,
27 і спаў-бы ды ўставаў-бы ноччу й днём, а насенне ўсходзіла-б і расло-б, як ён ня ведае.
28 Зямля бо сама з сябе родзіць: спачатку рунь, потым колас, пасьля поўнае зерне ў коласе.
29 А калі збожжа дасьпее, зараз пускае серп, прыйшло бо жніва.
30 І гаварыў: Да чаго ўпадобнім валадарства Божае, ці якою прыповесьцю выкажам яго?
31 Яно, бы зерне гарчычнае, што як сеецца ў землю, дык ёсьць драбнейшае за ўсякае насенне зямное;
32 а калі пасеецца, ўзрастае й робіцца большым за ўсе гародніны й пускае вялікае гальлё, так што ў цяні яго могуць хавацца птушкі нябесныя.
33 І многімі такімі прыповесцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць,
34 бяз прыповесьцяў жа не гаварыў да іх; а вучням сваім раз’ясьняў усё асобна.
35 Таго-ж дня, як павячарэла, сказаў ім: Пераплывём на той бок.
36 І, адправіўшы народ, яны ўзялі яго так як быў, у лодцы; й былі з ім другія лодкі.
37 І ўзнялася лютая бура ветру ды гнала хвалі на лодку, так што яна напаўнялася.
38 А ён быў ля карна лодкі, сплючы на ўзгалоў’і. І разбудзілі яго дый кажуць: Вучыцель, няўжэ ня рупіць табе, што мы гінем?
39 І ўстаўшы, прыгразіў ветру й сказаў мору: Заціхні, пакінь! І заціх вецер ды настала вялікая цішыня.
40 І кажа ім: Чаму вы гэткія палахлівыя? Яшчэ ня маеце веры? І ўзяў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто гэта, што й вецер і мора яму паслушны.

От Марка 4 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.