Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Евреям 10 глава
Крыніца вечнага збаўлення1 Закон мае цень будучых дабротаў, але не сам вобраз справаў. Таму адныя і тыя ж ахвяры, якія заўсёды прыносяцца штогод, ніколі не могуць зрабіць дасканалымі тых, хто з імі прыходзіць.
2 Бо ці не перасталі б яны прыносіць ахвяры, калі б тыя, хто здзяйсняе служэнне, раз ачысціўшыся, ужо не мелі б ніякага ўсведамлення грахоў.
3 Але ў гэтых ахвярах — штогадовы напамін пра грахі,
4 бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў знішчала грахі.
5 Хрыстус прыходзіць у свет і кажа: «Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.
6 Усеспаленні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.
7 Тады Я сказаў: Вось іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа».
8 Перад гэтым Ён сказаў: «Ахвяраў і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх Ты не захацеў і не ўпадабаў», хоць прыносяцца яны паводле Закону.
9 Пасля сказаў: «Вось іду, каб выканаць волю Тваю». Адмяняе першае, каб устанавіць другое.
10 Паводле гэтай волі мы раз і назаўсёды асвячаныя ахвяраю цела Езуса Хрыста.
11 Кожны святар штодня стаіць у служэнні і шмат разоў прыносіць адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць знішчыць грахоў.
12 А Езус Хрыстус, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
13 чакаючы таго часу, калі ворагі Ягоныя будуць пакладзены да падножжа ног Ягоных.
14 Ён адной ахвярай назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, каго асвячаюць.
15 Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо сказана:
16 «Вось запавет, які ўстанаўлю з імі пасля гэтых дзён, — кажа Пан, — і ўкладу законы Мае ў іхнія сэрцы, і запішу іх у розуме іхнім,
17 аграхоў і беззаконняў іх больш не ўспомню».
18 А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там ужо няма ахвяры за іх.
Заклік да вернасці19 Браты, маючы адвагу ўвайсці праз кроў Езуса ў Святое Месца новым і жывым шляхам,
20 які Ён адкрыў нам праз заслону, гэта значыць, праз сваё цела;
21 маючы вялікага святара над Божым домам,
22 наблізімся са шчырым сэрцам і ў паўнаце веры, акрапіўшы сэрцы ад нячыстага сумлення і абмыўшы целы чыстаю вадою.
23 Будзем непахісна трымацца вызнання надзеі, бо верны той, хто абяцаў.
24 Будзем зважаць адзін на аднаго, каб заахвочваць да любові і добрых учынкаў.
25 Не пакідайма нашага сходу, як стала звычаем некаторых, але будзем заахвочваць адзін аднаго, і тым больш, чым больш бачыце, як набліжаецца гэты дзень.
26 Калі мы добраахвотна грашым, атрымаўшы пазнанне праўды, то ўжо больш не застаецца ахвяры за грахі,
27 але нейкае жахлівае чаканне суда і лютасці агню, які павінен паглынуць праціўнікаў.
28 Кожны, хто парушае Закон Майсея, падлягае смерці без літасці на падставе сведчання двух ці трох сведкаў.
29 Падумайце, наколькі большага пакарання заслугоўваюць тыя, хто зняважыў Божага Сына і зганьбіў кроў запавету, якой быў асвячаны, і пагардзіў Духам ласкі?
30 Мы ж ведаем таго, хто сказаў: «Помста за Мною, Я адплачу». І далей: «Сам Пан будзе судзіць свой народ».
31 Жахлівая рэч — патрапіць у рукі жывога Бога.
32 Узгадайце мінулыя дні, калі вы, будучы прасветленымі, вытрымалі цяжкія пакуты змагання.
33 То вас выстаўлялі як відовішча на знявагі і ўціск, то вы станавіліся супольнікамі тых, з кім так абыходзіліся.
34 Бо вы суперажывалі з тымі, хто ў кайданах, і з радасцю ўспрымалі рабаванне вашай маёмасці, ведаючы, што ёсць у вас лепшая і трывалая маёмасць.
35 Дык не пакідайце вашай адвагі, якая мае вялікую ўзнагароду.
36 А цярплівасць патрэбна вам, каб, выконваючы волю Божую, вы атрымалі абяцанае.
37 Таму што яшчэ крыху, і з’явіцца той, хто павінен прыйсці, і не спозніцца.
38 Амой справядлівы будзе жыць дзякуючы веры, і, калі адступіцца, не ўпадабае яго мая душа.
39 Але мы не належым да тых, хто адступаецца сабе на згубу, але да тых, хто верыць, каб атрымаць жыццё.
Евреям 10 глава в переводах